Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — А1
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Пра фестываль

Пра фестываль

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”

           Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне ўпэўнена займае ганаровае месца ў фестывальным руху Беларусі. Гэта мерапрыемства цалкам адлюстроўвае магчымасці нацыянальнай культуры, яе ўнікальныя асаблівасці, беларускую багатую народную спадчыну, дазваляе ў поўнай меры дакрануцца да самабытнай беларускай культуры. Наогул, гэта адзіны фестываль, які мае стасус “Нацыянальны” і вызначае культурную прастору сучаснай Беларусі.

           Заснавальнікі фестывалю – Маладзечанскі гарадскі выканаўчы камітэт (зараз раённы), дырэктар-мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, кавалер ордэна Францыска Скарыны, прафесар Міхаіл Фінберг.

           Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт, ДУ “Палац культуры г.Маладзечна”, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Белтэлерадыёкампанія.

           Фестываль праводзіцца ў мэтах: 

           далучэння шырокіх колаў насельніцтва краіны да нацыянальных каштоўнасцей, беларускай музыкі, паэзіі і мовы; 

           папулярызацыі новых твораў сучасных беларускіх паэтаў і кампазітараў; 

           пошуку таленавітых выканаўцаў і рэалізацыі іх творчага патэнцыялу;

           пашырэння творчых кантактаў майстроў мастацтваў Беларусі;

           духоўнага, эстэтычнага і патрыятычнага выхавання слухачоў;

           прапаганды “жывога” гучання на канцэртах фестывалю.

          Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі праводзіцца з 1993 года і да нядаўняга часу праходзіў раз у два гады. У 2011 годзе было прынята рашэнне аб штогадовым яго правядзенні.

          Галоўная ідэя фестывалю – далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей беларускай культуры, прапаганда роднай мовы і папулярызацыя твораў беларускіх кампазітараў і паэтаў, адкрыццё новых імёнаў.

          Што датычыцца фестывальнай праграмы, то звычайна яна складаецца з конкурсу маладых выканаўцаў эстраднага жанру, творчых вечароў класікаў беларускай паэзіі і вядомых кампазітараў, канцэртаў камернай і джазавай музыкі ў выкананні беларускіх калектываў. Падчас фестывалю традыцыйна шырока адбываецца прадстаўленне беларускага музычнага мастацтва, беларускага слова і культуры. На свята запрашаюцца замежныя госці з гарадоў-пабрацімаў ​​Маладзечна.

           У рамках фестывалю праходзіць Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі праводзіцца ў мэтах: падтрымкі маладых таленавітых артыстаў, павышэння ўзроўню іх выканальніцкага майстэрства і сцэнічнай культуры; стварэння неабходных умоў для выяўлення таленавітай моладзі для ўдзелу ў прэстыжных міжнародных фестывалях і конкурсах; падтрымкі лепшых традыцый беларускага эстраднага песеннага мастацтва.

         Мерапрыемствы фестывалю традыцыйна праходзяць на розных сцэнічных пляцоўках па ўсяму гораду. Да 2011 года асноўныя канцэртныя праграмы – гала-канцэрты, цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў і інш. – адбываліся спачатку на гарадскім стадыёне, пасля на перасовачнай сцэне Палаца Рэспублікі. Зараз асноўнае дзейства праходзіць на сцэне Амфітэатра, які размешчаны ў гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі.