Заказ
бiлетаў:

  • +375 (176) 55-55-55 — гарадскi
  • +375 (29) 175-27-84 — А1
kvitki.by

7360

iнфармацыя
i заказ бiлетаў

Пра фестываль

"Маладзечна – 2018"

 8 – 9 чэрвеня 2018

 

Галоўная пляцоўка: летні Амфітэатр.

Галоўная падзея: фестываль, прысвечаны Году малой Радзімы і 80-годдзю Народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка.

      Канцэртная зала Палаца культуры сустракала гасцей фестывалю на ІІ туры рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Пачынаючыя артысты прадставілі ўсе вобласці краіны і горад Мінск.

      На сцэне Палаца культуры прайшоў III тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

      Выставачная зала Палаца культуры вітала аматараў мастацтва на адкрыцці выставы “Наша малая радзіма вачамі мастакоў свету” творчых работ удзельнікаў мастацкага пленэру “Святасць зямлі беларускай”. Мерапрыемства было накіравана на развіццё культурнага дыялогу паміж краінамі, наладжванне перспектыўных мастоў паміж рэлігіяй і мастацтвам, асноўная мэта якога – дабрачыннасць.Наведвальнікі выставы змаглі палюбавацца маляўнічымі пейзажамі беларускай прыроды, пабываць на яе прасторах, удыхнуць яркія фарбы беларускіх краявідаў і пранікнуцца нацыянальным каларытам.

       ДУ “Мінскі абласны драматычны тэатр” увечары запрасіў усіх аматараў тэатральнага мастацтва на спектакль “Вечар” – лірычную меладраму аб “малой радзіме” – беларускай вёсачцы. 

       Урачыстае адкрыццё песенна-музычнага форуму адбылосяў на сцэне летняга Амфітэатра. Жыхары і госці Маладзечна убачылі прэм’еру канцэрта “Мелодыя лёсу”, прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Міхайлавіча Лучанка. Канцэртную праграму прадставілі салісты Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг. Падчас канцэрта адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 20 таленавітых спевакоў. Кожны дастойна выступіў і меў права быць пераможцам. Пачынаючыя артысты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў. Але, нягледзячы на тое што журы вельмі складана было прымаць адказнае рашэнне, тры асабістыя ўзнагароды знайшлі сваіх уладальнікаў. Дыплом за трэцяе месца Атрымаў Дзяніс Чуракоў, студэнт Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Спеваку падабаецца выконваць беларускія песні ў сучаснай апрацоўцы. Акрамя спеваў хлопец вучыцца танцаваць, займаецца спортам і грае на гітары. Другое месца дасталася Аліне Чыжык, якая працуе салісткай у Гродзенскай абласной філармоніі і канцэртмайстрам у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Дзяўчына – салістка новага тэатральна-ілюзіённага праекта “Сон волшебника”. Пераможцай у гэтым годзе стала студэнтка Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Злата Ларчанка. Злата з юных год з’яўляецца ўдзельніцай шматлікіх конкурсаў і фестываляў. Дзяўчына неаднойчы прымала ўдзел як сольны выканаўца ў канцэртах Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Сябры”. Акрамя вучобы і канцэртнай дзейнасці спрабавала свае сілы ў мадэльнай індустрыі.

       Другі дзень фестывалю пачаўся з канцэрта акадэмічнай музыкі “Гэй, узвейцеся сваім крыллем…” Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” у канцэртнай зале Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў.

       Музычна-паэтычная гасцёўня “Малая радзіма – пачатак мой і выток” з удзелам беларускіх паэтаў, дзеячаў культуры і мастацва Беларусі сустрэла жыхароў і гасцей фестывальнага Маладзечна на другі дзень мерапрыемства. Падчас імпрэзы прысутныя далучыліся да чароўнага свету паэзіі, сустрэліся і пазнаёміліся з сучаснымі беларускімі творцамі, пачулі ў іх выкананні лепшыя творы. Наведвальнікі  гасцёўні пабывалі там, дзе валадарыць Творчасць.

      Разгарнула сваю работу паэтычная пляцоўка “Беларусь – мая зямля, мая Радзіма” з удзелам беларускіх паэтаў у Маладзечанскай дзіцячай школе мастацтваў. У той жа час дзеячы культуры і мастацтва Беларусі прынялі ўдзел у тэлеперадачы “У аб’ектыве” (тэлепраграма “МКТВ”).

      Выстава “Меер Аксельрод. Вяртанне дадому”, якая адбылася ў Мінскім абласным краязнаўчым музее, была прысвечана знакамітаму мастаку ад яго нараджэння ў “мястэчку Маладзечна” да станаўлення творчай асобы.

      У малой зале Палаца культуры прайшоў праект “Асобы эпохі”, дзе адбылася сустрэча з народнай артысткай Рэспублікі Беларусь Наталляй Гайда.

      У гэты ж час у Чысцінскім сельскім Доме культуры прайшоў канцэрт беларускай эстраднай песні “Джазавы калейдаскоп” у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”.

      Тыя, хто захапляецца тэатрам, бурнымі апладысментамі сустракалі артыстаў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Спектакль “Кар’ера доктара Рауса” прайшоў на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры.

      Закрыццё XVIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2018” прайшло на галоўнай пляцоўцы – летнім Амфітэатры ў 21.30. Жыхары і госці горада атрымалі асалоду ад канцэртнай праграмы “Маладзечанскі зорапад” з удзелам артыстаў беларускай эстрады, пачулі і праспявлі любімыя хіты разам з зоркамі.

      На працягу двух фестывальных дзён разгорнулі працу адкрытыя пляцоўкі, якія размясціліся на Цэнтральнай плошчы, а таксама ў гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Так, “Фестывальная талака” прапанавала гараджанам і гасцям горада выступленні творчых калектываў Маладзечанскага раёна. Экспазіцыядэкаратыўна-прыкладнога мастацтва народных майстроў і ўмельцаў была прадстаўлена на пляцоўцы “Фестывальная сядзіба”. Усе карасталіся магчымасцю набыць тавары народнага спажывання на выставе-продажу “Беларускі пачастунак”. Пабачыць беларускія краявіды, каларыстычнае багацце краіны, рэалістычныя і сімвалічныя рысы, уласцівыя беларускай прыродзе, атрымаць асалоду ад беларускіх пейзажаў можна было падчас “Мастацкага пленэру”. Знайшлі сабе занятак у святочныя дні дзеці і моладзь фестывальнага горада, наведаўшы гульнёва-забаўляльную пляцоўку “Дзіцячая прастора” і маладзёжную пляцоўку “Арт-старт”.